Францішак у неапублікаваным інтэрв’ю: адзіны шлях – шлях пакоры
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Неапублікаванае дагэтуль інтэрв’ю, якое Папа даў у 2021 годзе заснавальніку каталіцкага тэлебачання “ESNE” Ноэлю Дыясу, будзе ўпершыню паказана 2 мая 2025 года. Размова прайшла ў Доме Святой Марты і была прысвечана тэме паклікання апостала Пятра, прыродзе касцельнай улады і духоўным выклікам сучаснасці.
Пантыфік асабліва падкрэсліў неабходнасць пакоры і служэння, пазбягання элітарнасці і надзеі толькі на Пана: “Калі б Пётр забыўся пра свае карані, ён бы здрадзіў плану Езуса, стварыў бы эліту. Не! Пастыр павінен быць з авечкамі. Для таго і ёсць пастыр”.
Францішак шчыра прызнаўся, што адчувае сябе такім жа слабым і недасканалым, як і апостал Пётр. Ён адзначыў, што толькі дзякуючы Божай дапамозе працягвае сваё служэнне: “Нягледзячы на мае нявернасці, бо я грэшнік, як і Пётр, Ён мяне не пакідае. Адчуваю, што Ён клапоціцца пра мяне”.
Папа падкрэсліў: сутнасць касцельнай улады – не ў палітычным, а ў пастырскім служэнні, у падобнасці да Пятра, якога Езус абраў не для пасады, а каб быць пастырам.
У размове закраналіся і самыя балючыя тэмы для Касцёла: выпрабаванні знутры і звонку, напады з боку гэтага свету і праблемы, якія ўзнікаюць у самой супольнасці. Святы Айцец звяртае ўвагу на словы Езуса: “Сілы пякельныя не здолеюць перамагчы”, і тлумачыць, што ідзе гаворка не пра матэрыяльную забяспечанасць, а пра вернасць Бога: “Не ў грошах моц Касцёла, і не ў абароне “сваіх”. Падмурак – Божае абяцанне”.
Пасля разважання пра пакліканне і місію Пятра Папа закрануў тэму мучаніцтва і сведчання: “Сёння больш мучанікаў, чым было ў пачатку Касцёла. Мучанік – гэта не заўсёды той, каго забілі. Гэта кожны, хто штодзённа жыве і сведчыць пра Хрыста – у сям’і, на працы, усюды”.
Папа заклікаў маліцца за мігрантаў, за тых, хто змушаны пакідаць родную зямлю: “Тым, хто ідзе шляхам выгнання, хто сумуе па сям'і, блізкіх і Радзіме, даю маё благаслаўленне ў імя Айца, Сына і Духа Святога”.
У канцы інтэрв’ю Францішак як заўсёды папрасіў вернікаў: “Маліцеся за мяне”.