Дзявятая кангрэгацыя: Касцёл павінен несці свету надзею
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У пасяджэнні, якое прайшло 3 мая 2025 года ў Ватыкане, бралі ўдзел 177 кардыналаў, з якіх 127 – выбаршчыкі, паведаміў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.
Кардыналы шляхам лёсавання абралі трох чарговых членаў спецыяльнай камісіі, якая дапамагае камерленга ў правядзенні кангрэгацый і вырашэнні бягучых пытанняў. На працягу наступных трох дзён гэтымі членамі будуць кардыналы Рэйнхард Маркс, Роберт Прэвост і Марчэла Сэмерара.
26 кардыналаў выступілі з прамовамі падчас нарады. Гаворка ішла пра дваістае заданне: адзінства ў Касцёле і братэрства ў свеце. Іерархі з удзячнасцю згадвалі Папу Францішка, часта цытуючы "Evangelii gaudium", а таксама адзначалі працэсы, распачатыя ім, якія варта працягваць.
Таксама закраналіся тэмы супрацоўніцтва і салідарнасці паміж Цэрквамі, роля Рымскай курыі ў дачыненні да Папы, служэнне Касцёла і Папы справе міру, важнасць адукацыі. Выказвалася надзея, што наступны Папа будзе прароцкім, што Касцёл не замкнецца ў сабе, а будзе адкрыта выходзіць у свет, каб несці святло чалавецтву, якое востра патрабуе надзеі.
Матэа Бруні таксама адзначыў, што кардыналы вярталіся да тэм, закранутых у мінулыя дні: сінадальнасці і калегіяльнасці, Юбілею і надзеі, позірку на свет, чаканняў і цікавасці, з якімі людзі назіраюць за Касцёлам, прысутнасці Касцёла ў сучасным свеце, экуменічнага дыялогу і місіянерства.
Дэкан Калегіі кардыналаў нагадаў іерархам, што на працягу мая кожную суботу на Плошчы святога Пятра моляцца Ружанец, да якога яны могуць далучыцца. У нядзелю кардыналы будуць мець магчымасць цэлебраваць Імшу ў сваіх тытулярных касцёлах у Рыме.
Наступныя пасяджэнні кардыналаў адбудуцца ў бліжэйшы панядзелак, 5 мая 2025 года. У гэты дзень запланаваныя дзве генеральныя кангрэгацыі – раніцай і ў другой палове дня.